У ліку лепшых на чэмпіянаце краіны
У Мінску прайшоў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па веласпорце на трэку. На “Мінск-Арэне” на працягу трох дзён спаборнічалі мацнейшыя велагоншчыкі краіны. Прыемна адзначыць, што ў ліку лепшых былі і выхадцы з Кіраўшчыны, прычым не проста прынялі ўдзел але і паказалі высокія рэзультаты.
У каманднай гонцы, якая праходзіла ў першы дзень, Яўген Шамсонаў, які выступаў за першую нацыянальную зборную краіны, стаў пераможцам. У фінале дарослай галоўнай камандзе супроцьстаяла юніёрская зборная. Выступаючы за яе, Раман Цішкоў разам з партнёрамі заваявалі “срэбра”. Другое месца таксама заняла другая жаночая зборная Беларусі, за якую выступала Вольга Масюковіч. Уступіла яна толькі першай зборнай — неаднаразовым чэмпіёнкам свету, — якая хутка адправіцца на Алімпійскія Гульні ў Лондан. Затое Вольга разам з сяброўкамі па другой зборнай будзе абараняць гонар краіны на чэмпіянаце Еўропы.
Шэсць складаных відаў омніума былі “разбітыя” на два наступныя дні. Выдатна праявіў сябе Раман Цішкоў, які ў агульным заліку заваяваў сярэбраную ўзнагароду, прайграўшы толькі неаднаразоваму прызёру чэмпіянатаў свету Аляксандру Лісоўскаму. А ў гонцы на выбыванне Раман абышоў і яго. Ёсць яшчэ адзін перспектыўны велагоншчык з Кіраўшчыны, які здольны на значныя перамогі! Ён, да слова, таксама будзе выступаць на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы. Яўген Шамсонаў жа на еўрапейскіх велагонках прадставіць дарослую каманду Беларусі.
На другой пазіцыі
Удалым можна лічыць выступленне юных кіраўскіх футбалістаў у абласных фінальных спаборніцтвах “Скураны мяч”. Нашы 11-12-гадовыя аматары спорту перамаглі школьнікаў з Бабруйска і Шклова. А вось да пальмы першынства крыху не хапіла — уступілі Бялынічам у фінале. Тым не менш, рабяты набылі вопыт, а разам з ім будуць і перамогі…
Выйшлі ў промафінал
У італьянскім Тэрачыне прайшоў першы раўнд розыгрышу Еўралігі па пляжным футболе, удзел у якім прымала і нацыянальная зборная Беларусі. Нагадаем, у яе саставе выступаюць кіраўчанін Вадзім Бокач і лепшы ігрок леташняшняга сезону, ігрок каманды “Кіраўск-ДЮСШ Ігар Брыштэль. Беларусы ўдала стартавалі ў першым матчы супраць зборнай Венгрыі, атрымаўшы ўпэўненую перамогу з лікам 9:3. Дарэчы, Брыштэль аформіў у гэтым матчы хет-трык, а Бокач вызначыўся двума галамі-прыгажунамі, адзін з якіх быў проста шэдэўральным!.. Куды цяжэй прыйшлося нашым землякам у паядынку з нарвежцамі, але і тут была атрымана перамога — 5:4. Адзін з галоў на рахутку Брыштэля. І нават мінімальнае паражэнне ад чэхаў у заключным матчы — 1:2 — (зноў вызначыўся Брыштэль) не перашкодзіла беларусам заняць першае месца ў групе і выйсці ў промафінал, які ў канцы жніўня пройдзе ў Галандыі.
Аляксандр ХАХЛОЎ,
намеснік дырэктара
Кировской ДЮСШ.