Гук званоў плыў над Боркамі, як памінальны плач па вяскоўцах, жывымі спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.1800 мірных жыхароў сталі ахвярамі палачоў, была амаль поўнасцю знішчана вёска Боркі і шэсць прылягаючых да яе пасёлкаў. Чорная дата 15 чэрвеня 1942 года, калі гэта адбылося, — адна з самых трагічных і цяжкіх у гісторыі нашага раёна, яна заўжды жыве ў сэрцах кіраўчан.
Па традыцыі, штогод у апошнюю нядзелю жніўня ў Борках праходзіць Дзень памяці. І ў мінулую нядзелю да мемарыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” прыйшлі мясцовыя жыхары, прыехалі іх родныя і блізкія, кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, сельвыканкамаў, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь, ганаровыя госці, каб ушанаваць памяць ахвяр фашызму.
На свяшчэннай боркаўскай зямлі адбыўся мітынг-рэквіем “Памяць бессмяротная”.

Вядучыя прадаставілі слова старшыні райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву. У сваёй прамове ён нагадаў, што карная аперацыя па знішчэнні мірнага насельніцтва, праведзеная 15 чэрвеня 1942 года ў Борках спецбатальёнам пад камандаваннем штурмбанфюрэра СС Дырлевангера, была адна з буйнейшых карных акцый, накіраваных супраць мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Еўропы. У перыяд з верасня 1941 года па кастрычнік 1943 гада Кіраўшчыне акупантамі было праведзена дзесяткі карных аперацый, спалена 44 населеных пункты, з іх 8 так і не адноўлены. Разам з вёскамі было знішчана 2748 ні ў чым не павінных нашых землякоў.
Імкнучыся падавіць волю народа да супраціўлення, гітлераўцы па-зверску забівалі дзяцей, старых і жанчын. Наш народ выстаяў, але цана за гэта была заплачана неймаверная.
Вайна пакінула выбоіны на нашай зямлі і ў нашых сэрцах, адзначыў Уладзімір Піскіжаў. Усё далей у мінулае адыходзіць рэха боркаўскай трагедыі, час сцірае з зямлі шрамы, але ён не ўладны над нашай памяццю — памяццю ўдзячных патомкаў.
Кіраўнік раёна звярнуўся да моладзі: “ Вы жывяце ў мірны час і павінны цаніць гэта. Таму сёння ваш святы абавязак — не дапусціць у нашым грамадстве тэрору і насілля і ўзяць на сябе сваю долю адказнасці за забеспячэнне бяспекі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы верым, што гісторыю аб падзеях, адбыўшыхся на гэтай зямлі, на стагоддзі, з пакалення ў пакаленне захаваюць нашы патомкі!”
Са шчырымі словамі да землякоў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Сакадынец, ураджэнец гэтых мясцін. Ён адзначыў, што ў той ракавы чэрвеньскі дзень, калі адбылася боркаўская трагедыя, ад рук фашысцкіх катаў загінула каля 40 чалавек з яго сям’і. А яшчэ і іх родныя па прозвішчах Касперавы, Заграбанцавы і многія іншыя. У адзін дзень не стала многіх членаў вялікай і дружнай сям’і.
У 50-я, 60-я гады на гэтым месцы, дзе праходзіць мітынг-рэквіем, стаяў вялікі драўляны крыж: верагодна, нашы дзеды паставілі яго ў памяць аб той жудаснай трагедыі. Потым быў узведзены манумент над брацкай магілай, а пазней — мемарыяльны комплекс. Памяць аб загінуўшых жыве з пакалення ў пакаленне.
Алег Сцяпанавіч адзначыў, што на мітынгу-рэквіеме бачыць нямала сваіх землякоў-равеснікаў, цяпер шаноўнага ўзросту, з якімі калісьці бегалі тут босыя па вуліцах. Трагедыю роднай вёскі яны ўспрымалі вельмі востра. Зараз — яшчэ больш глыбока і ўсвядомлена. “Але самае галоўнае, — заўважыў Алег Сцяпанавіч, — мы заўсёды ведаем, што на нашай зямлі ёсць родны сэрцу куточак, дзе жылі нашы дзеды і родныя людзі, дзе яны загінулі і пахаваны; кожны раз, дзе б мы ні былі, помнім, што ў нас ёсць любімая Ра-дзіма — Рэспубліка Беларусь, Магілёўшчына, Кіраўскі раён, вёска Боркі. Пакуль мы помнім — мы жывем…”
Да прысутных звярнуўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Іванавіч Куцілкін, які адзначыў, што на гэтай, абпаленай вайной часцінцы беларускай зямлі, асаб-ліва востра адчуваеш і глыбока разумееш, якой дарагой цаной была заваявана наша Перамога: “Пакланяючыся загінуўшым, мы, пакаленне, зведаўшае жахі вайны, свята верым, што гісторыю аб подзвігу, пакутах і жыццёвай сіле беларускага народа на вякі, з пакалення ў пакаленне захаваюць нашы патомкі”.
Да прысутных выйшлі хлопцы і дзяўчаты з фатаграфіямі ў руках, на іх — такія ж па ўзросце былыя жыхары Борак, чые жыцці абарваліся чэрвеньскім днём 1942-га. Ад праводзімых з іх лёсамі паралеляў замірала сэрца…
Да сваіх сучаснікаў і равеснікаў звярнулася старшыня раённага Савета Беларускай Рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Настасся Балдэнка: “Я заклікаю: помніце аб тых, хто любіў жыццё, але не дажыў, не дакахаў, не дабудаваў, не дамарыў. Тое, што адбылося ў Борках, Хатыні і дзесятках іншых беларускіх вёсак, пякучым агнём трывожыць нашы сэрцы, абавязвае нас быць больш моцнымі, мудрымі і цярплівымі, каб увасобіць у жыццё ўсё тое самае лепшае, што не збылося, і разам з горкім дымам пайшло ў неба і ахутала зямлю. Мы, маладое пакаленне, будзем памятаць аб бязвінных ахвярах ваенных трагедый і берагчы мір, любіць і ўвасабляць у жыццё мары аб шчасці!”.
Памяць загінуўшых жыхароў вёскі Боркі і населеных пунктаў Магілёўскай вобласці была ўшанавана мінутай маўчання. Прагучаў ваенны салют.
Да брацкай магілы і Сцяны плачу прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі.
Настаяцель Свята-Пакроўскага храма іерэй Дзмітрый правёў жалобную заўпакойную ліцію па спаленых жыхарах, а потым — памінальную службу ў капліцы ў гонар іконы Божай маці “Взыскание погибших”. Тут былі запалены свечы за спакой душ людзей, загінуўшых на гэтай зямлі.
Мерапрыемствы працягваліся ў Боркаўскім клубе-музеі, дзе госці з цікавасцю знаёміліся са стэндамі “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Нашы землякі”, экспанатамі этнаграфічнай экспазіцыі. Для прысутных быў паказаны канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры.
Наталля ХАДАКОВА