С 21 по 26 апреля 2025 года в Кировском районе проводится мероприятие «Неделя нулевого травматизма» | С 24 марта 2025 года по 25 апреля 2025 года в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда при проведении весенних полевых работ в сельскохозяйственных организациях области |

Прымнажаючы слаўныя традыцыі

Вы здесь

Салдаты і афіцэры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з гонарам працягваюць слаўныя ратныя традыцыі герояў-вызваліцеляў, якія абаранялі родную зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, забяспечваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны пры падтрымцы райваенкама Сяргея Паддубнага нашаму фотакарэспандэнту Максіму Мікешыну прадаставілася магчымасць пабываць у 147-й ракетнай зенітнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў суседнім Бабруйску, дзе праходзяць тэрміновую службу нашы землякі, у прыватнасці, Дзмітрый Салагуб з Жыліч і кіраўчанін Дзяніс Каранкевіч.

Намеснік камандзіра дывізіёна, па ідэалагічнай рабоце капітан Андрэй Краснагір расказаў, што галоўнымі задачамі іх воінскага падраздзялення з’яўляецца забеспячэнне ўстойлівай сувязі з іншымі воінскімі часцямі і функцыянавання кіравання брыгады.

За кожным ваеннаслужачым замацавана тэхніка — грузавыя аўтамабілі. У прыватнасці, Дзяніс Каранкевіч і Дзмітрый Салагуб — вадзіцелі-электрыкі, яны выязджаюць на трэніроўкі, вучэнні, разварочваюць радыёстанцыі, выходзяць на сувязь з іншымі часцямі пад кіраўніцтвам камандзіра ўзвода сувязі.

У брыгадзе запатрабаваны вадзіцелі з катэгорыяй С, таму за дзяржаўны кошт праводзіцца пераабучэнне з катэгорыі В. Такім чынам пераабучыўся Дзмітрый Салагуб. Таксама падчас службы асобныя ваеннаслужачыя могуць атрымаць катэгорыі D, E.

Знаёмства з воінскай часцю адбылося ў суправаджэнні старшага памочніка начальніка аддзялення ідэалагічнай работы, капітана Уладзіміра Маняка. Ён адзначыў, што брыгада сфарміравана ў 1949 годзе. На яе ўзбраенні маецца зенітна-ракетны комплекс С-300В — мабільная ўніверсальная сістэма супрацьракетнай і супрацьсамалётнай абароны.

Брыгада раз у два-тры гады праводзіць баявыя стрэльбы на палігонах Расійскай Федэрацыі (Ашулук, Астраханскай вобласці). Нашы ваеннаслужачыя дэманструюць там высокае майстэрства і прафесійную сталасць, надзейнасць тэхнікі і самааддачу асабовага саставу.

Значнае месца ў навучанні салдат тэрміновай службы адводзіцца ідэалагічнай падрыхтоўцы: патрыятычнаму выхаванню, развіццю аналітычнага мыслення, расшырэнню кругагляду.

Інтэнсіўная фізічная падрыхтоўка праводзіцца нават у выхадны дзень, таму што не ўсе прызыўнікі прыходзяць у армію падрыхтаванымі і не адразу здаюць нарматывы.

У сувязі з гэтым Уладзімір Маняк нагадаў нашага земляка Івана Фігурэнку, які праходзіў службу ў брыгадзе: хлопец актыўна займаўся спортам да арміі, у прыватнасці, боксам, быў чэмпіёнам рэспублікі ў сваёй вагавай катэгорыі, а ў брыгадзе выступаў за яе на спаборніцтвах, рыхтаваў саслужыўцаў, якія на чэмпіянаце ваенна-паветраных сіл занялі прызавыя месцы.

У асноўным у брыгадзе служаць прызыўнікі з Магілёўскай вобласці.

Быў зроблены акцэнт на тым, што тут шмат салдат кантрактнай службы. Ваенныя спецыяльнасці захапляюць тых, хто праходзіў тут тэрміновую службу. Многія імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю, паступіўшы ў Беларускую ваенную акадэмію, дзе можна набыць адразу дзве спецыяльнасці: ваенную і грамадзянскую і ёсць усе ўмовы для падрыхтоўкі сапраўдных абаронцаў Айчыны.

У казарме падчас трэніроўкі мы сустрэліся з Дзянісам Каранкевічам. Да арміі ён закончыў Бабруйскі аграрны эканамічны каледж, працаваў юрысконсультам у раённай бальніцы. Дзяніс успомніў, што ў першыя дні службы было складана, нязвыкла, а потым усё пайшло сваёй чаргой. Тут пастаянна чымсьці заняты, без справы не застаешся. Дзень праходзіць хутка: пад’ём у 6 гадзін, ранішнія мера-прыемствы: зарадка, уборка, агляд. Далей — заняткі па спецыяльна-тактычнай, баявой, агнявой і страявой падрыхтоўцы. Раз у паўгода састаў воінскай часці выязджае на палявыя выхады, дзе разгортваецца баявая тэхніка.

Мы даведаліся, што Дзяніс атрымаў 2-гі агульнавайсковы разрад, імкнецца да канца службы, а “дэмбель” у яго 19 лістапада бягучага года, атрымаць 1-ы разрад.

Прыемна было пачуць ад кіраўніцтва дывізіёна добрыя словы і аб Дзмітрыю Салагубу (яго ў нашым раёне добра ведаюць як выдатнага спевака), які часта прымае ўдзел у розных мерапрыемствах. Да арміі ў Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі ён атрымаў спецыяльнасць агранома, працаваў у сельскай гаспадарцы.

Любімы ў салдат дзень для вольнага часу — нядзеля. Наладжваюцца экскурсіі ў музеі, наведваюць кінатэатр, удзельнічаюць у спартыўна-масавых мерапрыемствах паміж падраздзяленнямі дывізіёна, чытаюць кнігі, газеты. Ходзяць у звальненне, якое, як адзначыў Дзмітрый, трэба заслужыць. Кормяць іх у часці добра, меню разнастайнае.

У часці адзначылі, што Дзмітрый Салагуб — ініцыятыўны, таленавіты, актыўна ўдзельнічае ў культурнай рабоце ў клубе, на палявых выхадах. Летась прымаў удзел у адборачным этапе фестывалю салдацкай песні “Звязда”.

Хлопцы лічаць, што армейскую службу павінен прайсці кожны юнак, каб загартавацца, стаць сапраўдным мужчынам. Па іх словах, яны набылі не толькі практычныя навыкі воіна, але і навучыліся цаніць час і не губляць яго дарэмна, сталі больш вынослівымі. Дапамагаюць, падказваюць маладым прызыўнікам.

Сагравае душу, што іх чакаюць дома родныя і блізкія. Час ляціць хутка, думаюць, што нялёгка будзе развітвацца з сябрамі, якіх знайшлі тут падчас службы.

У воінскай часці ёсць музей. Бібліятэкар Сяргей Багамолаў правёў экскурсію, пазнаёміў з гісторыяй утварэння і далейшым шляхам брыгады, экспанатамі, знойдзенымі пры правядзенні раскопак на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.

Уразіў адзін невялікі экспанат, прывезены камандуючым войскаў супрацьпаветранай абароны в’етнамскай арміі: гэта кавалак бука з асколкам ад амерыканскай бомбы — напамін аб тых страшных падзеях і аб тым, што мір трэба берагчы ўсім.

Выконваючы складаныя і адказныя задачы, асабовы састаў брыгады прымнажае традыцыі войск супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь.

На здымках: нашы землякі Дзмітрый Салагуб і Дзяніс Каранкевіч падчас праходжання службы ў 147-й зенітнай ракетнай брыгадзе; экспанаты музея часці: рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Фота Максіма МІКЕШЫНА