З надыходам спрыяльных па надвор’і дзён усё больш шырока разгортваецца фронт веснавых палявых работ у гаспадарках.
У мінулы аўторак рэдакцыя атрымала інфармацыю, што ў СВК “Калгас “Беларусь” збіраюцца распачаць сяўбу яравой пшаніцы, і пасля абеду мы накіраваліся ў гаспадарку.
Для тутэйшых механізатараў важны кожны веснавы дзень, бо землі ў Забуднянскіх Хутарах, Хвайніцы вельмі праблемныя па вільготнасці, і на правядзенне палявых работ спатрэбіцца больш часу.
На сяўбе заняты вопытны механізатар Генадзь Волас. Па становішчу на ўчарашні дзень у гаспадарцы было засеяна яравой пшаніцай 40 га.
Не спыняюцца работы па ўнясенні мінеральных угнаенняў, іх на МТЗ-920 з АХІС праводзіць Юрый Бялянаў, а падвозіць яму тукі яго брат Мікалай Бялянаў, які далей будзе займацца сяўбой кукурузы. Уносіцца на палі гаспадаркі і арганіка.
Культывацыяй глебы займаецца Рыгор Сцяпанаў, які выканаў гэтую работу на плошчы 220 га.
А на РАСЕ шчыруе Руслан Ядчанка: падкормку азімых збожжавых і рапсу ён правёў па становішчу на ўчарашні дзень на 750 га.
Старшыня гаспадаркі Уладзімір Ядчанка, які прыехаў на поле, каб паназіраць, як распачаліся пасяўныя работы, адзначыў, што план яравой сяўбы ў іх — 1450 га. На перыяд веснавых палявых работ распрацаваны ўмовы спаборніцтва, у кожнага іх удзельніка ёсць папка з усёй неабходнай інфармацыяй. Працаўнікі забяспечваюцца абедамі і вячэрай прама ў полі намаганнямі ўласнай сталовай, яна яшчэ корміць работнікаў РУП “Жылічы” і СВК “Калгас “Ніва”.
У сельгаскааператыве, мяркуючы па настрою кіраўніцтва, механізатараў, нацэлены на правядзенне пасяўной кампаніі ў аптымальныя тэрміны і без збояў. Хай толькі надвор’е спрыяе земляробам!
Наталля ХАДАКОВА.