Некалькі гаспадарак раёна прыступілі да першага этапу жніва — уборкі рапсу — генеральнай рэпетыцыі да ўборачнай кампаніі збожжавых і зернебабовых культур.
Так, па становішчу на раніцу 12 ліпеня рапс быў убраны на плошчах: у СВК “Рассвет” — на 25 га, “Добасна-агра” — на 11 га, “Калгас “Беларусь” — на 16 га, “Калгас “Свярдлова” — на 10 га.
У мінулую сераду быў дадзены пачатак уборцы азімага рапсу ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. У гэты дзень пасля абеда чатыры рассветаўскія камбайны вый-шлі на палеткі вытворчага ўчастка “Стаўпішча”. “Раёнка” паспрабавала занатаваць на сваіх старонках першапраходцаў сёлетняга жніва, але крыху не паспела: учора раніцай збожжаўборачныя камбайны ўжо “адпачывалі” на мехдвары ў Стаўпішчах. Ля адной з машын правяраў яе гатоўнасць да гарачых тэмпаў прадстаячай уборачнай кампаніі механізатар з 25-гадовым стажам Міхаіл Вербенка:
— Так, сапраўды, некалькі нашых экіпажаў выйшлі ў поле на ўборку ўраджаю рапсу. Мы шчыравалі на ўчастку, найбольш пацярпеўшым ад спякоты, дзе рапс, як гаворыцца, крыху “падгарэў”, убралі яго на 25 гектарах. Астатнія плошчы пакуль яшчэ даспяваюць, таму зараз мы на “прыколе”, правяраем камбайны, каб уборачная прайшла без збояў.
— Багаты ўраджай плануеце сабраць? — пытаемся ва ўсмешлівага, па ўсім відаць, аптымістычна настроенага на працу камбайнера.
— Ураджай будзем лічыць у засеках! Падставы на багатыя намалоты ў нас ёсць, для ўдзельнікаў жніва створаны належныя ўмовы, галоўнае, каб тэхніка не падвяла.
— А надвор’е?
— Працаваць будзем пры любым надвор’і: і ў дождж, і ў спёку, тут ужо не ў нашых сілах штосьці карэкціраваць, а вось стан тэхнікі поўнасцю на нашай адказнасці.
Міхаіл Вербенка працуе ў пары са сваім хрэснікам — Аляксеем Юркаўцом. Малады чалавек выказаў жаданне дапамагчы падчас жніва свайму хроснаму бацьку і, вядома ж, зарабіць грошай за старанную працу.