У мінулыя выхадныя разам з юбілейнымі спаборніцтвамі па спартыўнай рыбнай лоўлі ў Чыгірынцы адбыўся раённы турыстычны злёт, праведзены ў рамках круглагадовай спартакіяды калектываў фізкультуры. У ім прыняло ўдзел 9 каманд арганізацый і ўстаноў раёна: райвыканкама, ад-дзела адукацыі райвыканкама, райспажыўтаварыства, ДЮСШ, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, Жыліцкага сельгаскаледжа, райаграпрамтэхзабеспячэння, ліцэя №15, СВК “Добасна-агра”.
Пакуль рыбакі імкнуліся “злавіць за хвост” удачу, турысты з не меншым азартам спрачаліся за першынство на розных этапах вызначанай для іх праграмы. Гэта былі паласа перашкод, пляжны валейбол, стральба, падняцце гіры, перацягванне каната, лоўля рыбы, конкурс турысцкіх страў. Ачкі ў агульную капілку каманды можна было атры- маць за арганізацыю быту ў турысцкім лагеры, раз- мешчаным на маляўнічым беразе Друці.
А яшчэ гэта была магчымасць добра адпачыць “на прыродзе”: хаця яна ў гэтыя дні была вельмі зменлівай і непрадказальнай, але, як вядома, для са-праўдных турыстаў “у природы нет плохой погоды, всякая погода — благодать”…

Асобныя каманды вылучыліся ў пэўных відах праграмы. Так, напрыклад, ліцэісты былі лепшымі па стральбе і на паласе перашкод, жылічане — у гіравым спорце і перацягванні каната, другія месцы занялі гэтыя каманды адпаведна ў конкурсе на лепшую страву і на паласе перашкод, па арганізацыі быту. Каманда райвыканкама была на другой пазіцыі па стральбе, РАПТЗ — па лоўлі рыбы, дабаснянцы — па пляжным валейболе. Трэція месцы па стральбе і на паласе перашкод — у ДЮСШ, па пляжным валейболе — у сельгаскаледжа, перацягванні каната і арганізацыі быту — у райвыканкама, у гіравым спорце — у ліцэя, па лоўлі рыбы — у “Добасна-агра”, па стравах — у РАПТЗ. Але самы вялікі “ўраджай” пераможных і прызавых месц сабрала каманда СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, якая і стала лідарам турзлёту. Рассветаўцы стабільна дабіваюцца поспеху ў розных раённых спартыўных спаборніцтвах, на турысцкіх злётах, і на гэты раз таксама паказалі дастойны ўзровень!
На другім месцы п’едэсталу гонару — каманда ліцэя №15, на трэцім — Жыліцкага сельгаскаледжа.
Камандам-пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і прызы ад аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Кубкі за пераможнае і прызавыя месцы будуць уручаны кіраўнікам працоўных калектываў, каманды якіх сталі лепшымі, на пашыранай нара-дзе ў райвыканкаме. Прызы атрымалі і пераможцы ў намінацыях.
Усё гэта, а таксама канцэрт і забаўляльная праграма, падрыхтаваныя культработнікамі, дыскатэка, арганізаваная Віктарам Пенязем з Жыліч, задушэўныя размовы і песні ля кастра, зрабілі адпачынак цікавым і насычаным.
Наталля ХАДАКОВА.