У мінулую пятніцу спартыўнае жыццё Кіраўшчыны ўпрыгожыла знамянальная падзея: пасля капітальнага рамонту адбылося ўрачыстае адкрыццё спартыўнай залы ДЮСШ.
У жыцці кожнага з нас спорт адыгрывае сваю ролю. Хтосьці аддае перавагу прагляду спаборніцтваў па тэлебачанні, іншыя з задавальненнем займаюцца якімі-небудзь відамі спорту альбо фізкультурай, ну а для кагосьці спорт — гэта лад жыцця, сродак існавання, стымул для далейшага самаўдасканалення.

Кіраўшчына заўсёды славілася высокімі спартыўнымі дасягненнямі. Нягледзячы на тое, што ў раёне не было ўнікальнай спартыўнай базы, гэта ніколі не з’яўлялася перашкодай для кіраўчан пры пакарэнні новых вышынь.
Дзякуючы таму, што спартзала ДЮСШ пасля капітальнага рамонту, на які было выдзелена больш 400 мільёнаў беларускіх рублёў са сродкаў раённага бюджэту, набыла новае аблічча, ёсць падставы спадзявацца на новыя ганаровыя дасягненні. Дзякуючы заняткам спортам у гэтай зале, жыхары нашага горада частку вольнага часу змогуць накіраваць на паляпшэнне свайго здароўя і фізічнага стану.
У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прымалі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, члены грамадскіх аб’яднанняў, юныя надзеі і ветэраны раённага спартыўнага руху. Ганаровае права адкрыць спартзалу і перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку было прадастаўлена старшыні раённага Савета дэпутатаў Надзеі Каранкевіч і дырэктару ДЮСШ Віктару Галомзіку (на здымку).
Запрошаныя на свята госці прыйшлі не з пустымі рукамі: гаспадары абноўленай залы атрымалі падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі фонд міру”, “Белая Русь”, “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, аддзелаў эканомікі і адукацыі райвыканкама, райбальніцы, і, ў прыватнасці, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Круцько, фізкультурна-спартыўнага клуба, СВК “Добасна-агра”, аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” г.Кіраўска, рэдакцыі раённай газеты “Кіравец”, салодкія сюрпрызы — ад райспажыўтаварыства.
З вялікім нецярпеннем адкрыцця абноўленай спартыўнай залы чакалі валейбалісты, бо менавіта для іх яна — арэна для ўзмоцненых трэніровак, старт новым перамогам. Валейбол на Кіраўшчыне зрабіў свае першыя крокі ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Ля вытокаў зараджэння і развіцця гэтага папулярнага віду спорту стаялі нашы землякі: Мікалай і Уладзімір Гаўрыленкі, Валерый Рудзянкоў, Алег Каранкевіч, Васіль Смагін, Іван Сапажкоў, Міхаіл Каранкевіч, Анатоль Якубовіч, Анатоль Шчэрбіч, Уладзімір Сцепурэнка, Анатоль Каранкевіч, Уладзімір і Мікалай Іваніцкія, Валянцін Бандарэнка, Уладзімір Лютарэвіч, Мікалай Бокі, Валянцін Каспяровіч, Анатоль Чайка, Аляксандр Шайтанаў, Віктар Заркевіч, Віктар і Сяргей Сямёнавы, Валерый Краўцоў, Мікалай Кульша, Алена Пекліна, Людміла Ісакава, Людміла Каранкевіч, Тамара Гарбачова, Аксана Сурыновіч, Таццяна Бяляўская, Кацярына Рыжова, Алена Дрозд і многія іншыя.
На працягу шэрагу год мужчынская валейбольная каманда Кіраўшчыны з’яўлялася лепшай у Магілёўскай вобласці. Бліскучыя перамогі ў гэты перыяд кавалі Канстанцін Гарбачоў, Віктар Кушнер, Анатоль Лямцаў, Віктар і Сяргей Бяржаніны і тыя, каго, на жаль, ужо няма сярод нас, але спартыўны гонар і памяць аб іх дагэтуль жывуць у сэрцах былых і цяперашніх спартсменаў, — Іван Шчатко, Сяргей Курыла і Юрый Пугачоў.
У нашы дні валейбол стаў не толькі чыста спартыўнай гульнёй, але і адбываецца яго развіццё як гульні дзеля адпачынку, сродку арганізацыі вольнага часу, падтрымкі здароўя і аднаўлення працаздольнасці. Па сваёй распаўсюджанасці гэтая гульня займае вядучае месца на сусветнай спартыўнай арэне. Ну, а кіраўскія валейбалісты працягваюць пакараць усё новыя і новыя вышыні.
Падчас урачыстага адкрыцця залы старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч уручыла грашовыя прэміі райвыканкама за высокія дасягненні ў спартыўнай дзейнасці юнай змене: Вікторыі Ганчаронак, Яўгеніі Бяржанінай, Надзеі Каванскай, Віялеце Бяляўскай, Крысціне Кавалеўскай і Дар’і Рыжовай.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пад бурныя апладысменты прысутных дырэктар спартыўнай залы, трэнер па валейболе ДЮСШ Сяргей Лазаковіч аб’явіў аб пачатку таварыскіх валейбольных матчаў паміж жаночымі камандамі “Вопыт” і “Маладосць”, у састаў якіх увайшлі былыя і цяперашнія валейбалісткі. У матчах сярод мужчын прымалі ўдзел выпускнікі розных гадоў ДЮСШ і каманда пераможцаў раённай спартакіяды сярод сельскіх жыхароў — зборная каманда Дабаснянскага сельсавета.
…Магчыма, будучыя спартсмены Алімпійскіх гульняў пачнуць свае трэніроўкі менавіта ў гэтай абноўленай, утульнай і камфортнай зале, і мы яшчэ не раз пачуем імёны нашых землякоў, пакарыўшых новыя спартыўныя вышыні…
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.