С 21 по 26 апреля 2025 года в Кировском районе проводится мероприятие «Неделя нулевого травматизма» | С 24 марта 2025 года по 25 апреля 2025 года в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда при проведении весенних полевых работ в сельскохозяйственных организациях области |

У добры шлях і з лёгкай парай!

Вы здесь

 У мінулую пятніцу адбылася знамянальная падзея, якую кіраўчане чакалі з нецярпеннем: урачыстае адкрыццё гарадской лазні. Яе будаўніцтва было ажыццёўлена ў межах абласной інвестыцыйнай праграмы. Сучасны, камфартабельны будынак вырас на месцы старой лазні, “узрост” якой налічваў больш 70 гадоў.

На цырымонію афіцыйнага адкрыцця лазні сабраліся прадстаўнікі раённай улады, будаўнікі, камунальнікі, кіраўчане, некаторыя з якіх прыйшлі ў поўнай экіпіроўцы: з венікамі для парылкі, неабходнымі прыладамі, каб адразу пасля ўрачыстай часткі паспытаць на практыцы “лёгкага пару”.
У цырымоніі прыняла ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён павіншаваў усіх са з’яўленнем у горадзе яшчэ аднаго сучаснага сацыяльна значнага аб’екта і выказаў спадзяванне, што адкрыццё новай лазні на 50 памывачных месц дапаможа кіраўчанам і ўсім жадаючым зрабіць істотныя крокі да аздараўлення арганізму, умацавання свайго цела і духу.
 
 
Старшыня райвыканкама выказаў удзячнасць за аказаную падтрымку ў рэалізацыі дадзенага праекта Магілёўскаму аблвыканкаму і асабіста губернатару вобласці Пятру Рудніку, намесніку старшыні аблвыканкама па буданіцтве Анатолю Чорнаму, а таксама куратару будаўніцтва, намесніку старшыні райвыканкама Вячаславу Нявінскаму, дырэктару УКП “Жылкамгас” Юрыю Мацюшонку. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас тых, хто ўзводзіў новы аб’ект, — будаўнікоў ПМК-255 і яе начальніка Ігара Лазаковіча, за прафесіяналізм, добрасумленнасць і адказнасць пры выкананні работ.
Звяртаючыся да прысутных, Уладзімір Піскіжаў заклікаў гараджан беражліва ставіцца да ўсяго, што зроблена ў лазні для іх карыснага адпачынку і аздараўлення. Уладзімір Уладзіміравіч нагадаў прысутным аб гісторыі ўзнікнення лазняў. Першае ўпамінанне аб іх сустракаецца яшчэ ў XI стагоддзі. Апостал Андрэй, падарожнічаючы па розных краінах, убачыў у Вялікім Ноўгарадзе драўляныя лазні: «Видел бани древены: и как нажарят их румяно, от одежд сволокутся и, взяв молодое прутье, так исхлещут себя, что выходят бездыханны, и остудят водой истомленное тело свое. И опять оживут. То творят мовенье, а не мученье».
Лазня, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, лічыцца адным з найбольш эфектыўных сродкаў аздараўлення арганізма, яна не толькі спрыяе прафілактыцы прастудных захворванняў, але і хвароб мускульнай, косна-сустаўной і сардэчна-сасудзістай сістэм.
Ва ўсе часіны існавала шмат розных традыцый і абрадаў, звязаных з лазнямі. Напрыклад, у славян перад вяселлем у лазню ішлі разам нявестка і будучая свякруха, якая глядзела, наколькі дзяўчына здаровая целам. У адной кнізе сустракаецца выказванне свякрухі аб будучай невястцы: “У касцях шырокая, такая і траіх народзіць, не крахтане”.
У добры шлях і з лёгкай парай! — пажадаў старшыня райвыканкама новаму аб’екту і яго наведвальнікам.
Дырэктар УКП “Жылкамгас” Юрый Мацюшонак выказаў спадзяванне, што новая лазня парадуе кіраўчан і гасцей горада сучасным дызайнам і камфартабельнымі ўмовамі, дапаможа падтрымліваць здароўе, прыгажосць, жыццёвы тонус і добры настрой.
Юрый Мацюшонак падзякаваў дырэктару ДЮСШ Віктару Галомзіку: падчас будаўніцтва новай гарадской лазні жыхароў райцэнтра абслугоўвала лазня фізкультурна-аздараўленчага комплексу на стадыёне.
Словы ўдзячнасці ад імя аматараў адпачыць “з парком” выказаў усім, хто меў дачыненне да будаўніцтва новага аб’екта, кіраўчанін Аляксандр Каранкевіч.
Пасля гэтага старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч і начальнік ПМК-255 Ігар Лазаковіч перарэзалі традыцыйную чырвоную стужку перад уваходам у новую лазню і запрасілі ўсіх прысутных наведаць аб’ект, пазнаёміцца з яго аздабленнем, аказваемымі паслугамі. А перад гэтым усе адказныя асобы атрымалі сувеніры ў выглядзе па-святочнаму ўпрыгожаных венікаў для парылкі.
Экскурсію па памяшканнях лазні правяла яе дырэктар Вольга Каваленка.
Пераступіўшы парог, наведвальнікі апынуліся ва ўтульным холе, дзе размясціўся буфет, тут у продажы былі венікі, мыйныя прыналежнасці, напіткі ў асартыменце — усё для зручнасці і камфорту. Ёсць таксама магчымасць за невялікую плату ўзяць напракат ручнік ці прасціну, або і тое, і другое.
У жаночым і мужчынскім памывачных аддзяленнях, якія разлічаны на 25 месцаў кожнае, прысутных прыемна ўразілі шыкоўныя мармуровыя лавы. У раздзявалках парадавалі вока сваёй белізной новыя шафы, у парылках вітаў прыемны пах свежай драўніны. У кожным з памывачных аддзяленняў маюцца невялікія басейны, індывідуальныя душавыя кабіны.
У асобным пакоі размясцілася саўна, якая пачне працаваць крыху пазней. Разлічана яна на 6 чалавек, тут ма-юцца басейн, пакой для адпачынку з тэлевізарам і наборам мяккай мэблі.
Як мы паведамлялі, атрымаць асалоду ад лёгкай пары і духмянага веніка кіраўчане змаглі ў дзень урачыстага адкрыцця лазні. Да таго ж, першыя 10 наведвальнікаў мужчынскага і 10 жаночага аддзяленняў атрымалі ад уласніка, УКП “Жылкамгас”, бонусы — бярозавыя венікі для парылкі.
У будучым у лазні плануецца адкрыццё цырульні і масажнага кабінета.
Думаецца, што новы сучасны камфартабельны аб’ект будзе карыстацца заслужанай папулярнасцю не толькі ў кіраўчан, але і ў гасцей горада, асабліва ў прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
 
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота

Максіма МІКЕШЫНА.