У межах праграмы падтрымкі пад такой назвай, ажыццяўляемай праз фонд “Памяць, адказнасць і будучае”, група магіляўчан — актывісты праекта “Цэнтр па рабоце з пажылымі людзьмі”: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя малалетнія вязні нацызму — наведалі наш раён. Праграма мерапрыемства атрымалася цікавай і насычанай. Разам з членамі раённай арганізацыі ветэранаў і былымі малалетнімі вязнямі фашысцкай няволі госці пабывалі ў в.Боркі, дзе адбыўся ўрачыста-жалобны мітынг, а яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ад рук фашысцкіх карнікаў жыхароў в.Боркі і навакольных пасёлкаў, Мемарыялу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”, запалілі свечкі ў капліцы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, наведалі Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль.

Памятаючы аб людзях, перажыўшых жах нацызму, Фонд “Памяць, адказнасць і будучае” выступае за ўмацаванне правоў чалавека і за ўзаемаразуменне паміж народамі. Ён працягвае падтрымліваць людзей, перажыўшых таталітарныя рэжымы, служыць увасабленнем па-літычнай і маральнай адказнасці нямецкай дзяржавы, эканомікі і грамадства за ўчыненыя нацыстамі злачынствы.
Фонд “Памяць, адказнасць і будучае” быў створаны ў 2000 годзе, перш за ўсё для выплаты кампенсацый былым паднявольным работнікам. Заснавальны капітал у памеры 5,2 млрд. еўра ўнеслі роўнымі часткамі Федэральны ўрад Германіі і аб’яднаныя ў Ініцыятыве нямецкай эканомікі прадпрыемствы.
Выплаты былі завершаны ў 2007 годдзе. Звыш 1,6 млн. чалавек у амаль 100 краінах свету атрымлі кампенсацыі на агульную суму 4,4 млрд. еўра, у тым ліку ў Беларусі — 120 тысяч чалавек на агульную суму 324, 8 тыс. еўра.
Ажыццяўляемая ў Беларусі гуманітарная праграма “Месца сустрэчы — дыялог” фонда “Памяць, адказнасць і будучае”, налічвае 15 праектаў, мэта якіх — даць магчымасць пажылым людзям, у першую чаргу ахвярам нацызму, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Фінансавая падтрымка прадугледжвае стварэнне месцаў сустрэч, форумаў на мясцовым узроўні, правядзенне мерапрыемстваў, у тым ліку і з прадстаўнікамі розных пакаленняў.
Беларускі партнёр праграмы — міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне”. З дапамогай праектаў актывісты праграмы мяркуюць аддаць належнае жыццёвым дасягненням ваеннага пакалення.
Мэта праграмы — у прызнанні грамадскага патэнцыялу тых, хто перажыў Вялікую Айчынную вайну. А ў Беларусі амаль усё цяперашняе пажылое насельніцтва пацярпела ад гэтай вайны, і неабходна, каб аб іх лёсах ведалі наступныя пакаленні і свята шанавалі заваяваную такой дарагой цаной магчымасць жыць пад мірным небам.
Гавораць удзельнікі сустрэчы:
Галіна Рыбцова, памочнік каардынатара гуманітарнай праграмы “Месца сустрэчы — дыялог”, былы малалетні вязень, жыхарка г.Магілёва:
— У гады вайны разам з сям’ёю была зняволена фашы-стамі. Як малалетні вязень прайшла Асвенцым, лагер у Магдэбургу. Вызвалілі нас савецкія войскі. Тыя, хто перажыў Вялікую Айчынную вайну, могуць з упэўненасцю сказаць, што вайна нашмат страшней, а подзвіг народа больш велічны, чым гэта можа падасца. І мы імкнемся данесці гэтую думку да як мага большай колькасці людзей, асабліва моладзі.
Зараз працуем па праекту “Цэнтр па рабоце з пажылымі людзьмі” , які рэалізуецца ад гуманітарнай праграмы “Месца сустрэчы — дыялог” РУП “Магілёў-аўтадор” сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне” . Гэта той жа фонд “Памяць, адказнасць і будучае”, які выплачваў кампенсацыю былым вязням фашызму.
Праект разлічаны на пажылых людзей: былых малалетніх вязняў, ветэранаў працы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы яму, мы можам ажыццяўляць, напрыклад, такія вось паездкі. На дадзены момант мы наведваем ўжо трэці раён. Акрамя таго, у нас дзейнічаюць розныя гурткі па інтарэсах, працуюць групы ўзаемадапамогі.
Мы шмат чыталі і чулі пра Боркі, трагедыю, якая адбылася тут падчас вайны. Наведаць жа гэтае святое месца — вялікі гонар. Наогул, мяркуем праехаць як мага больш па Беларусі, каб пазнаёміцца, пабачыць на свае вочы славутыя і памятныя мясціны.
Падобныя помнікі аб трагедыі, як у Борках, прымушаюць задумацца. Канешне, аб падзеях вайны,перажытым мы не забываем, і ёсць вялікае жаданне расказаць унукам і праўнукам аб тым, што было. Працуючы са школьнікамі, заўважаем, што моладзь мала ведае аб вайне. Таму праводзімая ветэранамі, былымі вязнямі патрыятычная работа вельмі патрэбная. Нашы прадстаўнікі рэгулярна сустракаюцца з вучнямі, моладдзю, расказваюць аб тым, што перажыта, пера-сцерагаюць аб недапушчальнасці паўтарэння падобнага. Гэта — адзін з важных момантаў нашай грамадскай работы.
Міхаіл Кушняроў, магіляўчанін, ураджэнец в.Ала, былы малалетні вязень Азарыцкага канцлагера:
— Ранняй вясною 1944 года, як зараз памятаю — 5 сакавіка, фашысты акружылі нашу вёску і пагналі жыхароў у Азарыцкі канцлагер. З маіх блізкіх 6 чалавек засталіся там назаўсёды… У даваеннай Але было дамоў 40, а вярнулася ў вёску менш паловы насельніцтва. Многія з тых, хто выжыў у пекле канцлагера, памерлі потым ад хвароб.
Вёска была спалена, і вярнуліся мы на папялішчы. Лічу, наша вёска найбольш пацярпела ў гады вайны і больш за ўсё вязняў Азарыцкага канцлагера было менавіта з Алы. На гэтай сустрэчы прысутнічаюць мае былыя аднавяскоўцы Пётр Уладзіміравіч Шчэрбіч, Аляксандр Іванавіч Пяткевіч, Марыя Кірылаўна Шчэрбіч, Ніна Аркадзьеўна Іваніцкая. Яны, як і я — жывыя сведкі бесчалавечных злачынстваў фашызму. І сваім абавязкам лічым расказваць аб перажытым маладому пакаленню беларусаў. Каб ведалі і помнілі. Каб бераглі наш агульны дом — Беларусь, мір і спакой у ім.
Эма Самбур, старшыня раённай асацыяцыі былых малалетніх вязняў фашысцкай няволі:
— Сабраліся дзеці вайны. Мы хочам данесці да маладога пакалення тое, што нам давялося перажыць, каб падобнае не паўтарылася ніколі, каб заўсёды над намі было мірнае неба. А адбылася гэтая сустрэча па ініцыятыве магіляўчан і дзякуючы разуменню і пад-трымцы раённай улады, дапамозе раённай арганізацыі Беларускага Фонду міру, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова, раённай ветэранскай арганізацыі на чале з Э.М.Карпук. Наша шчырая ўдзячнасць — раённаму аддзелу культуры і яе кіраўніку Т.Л.Галубоўскай, аўтапарку №14. У выніку сумесных прыкладзеных намаганняў мы, былыя малалетнія вязні фашысцкай няволі, сустрэліся са сваімі сябрамі і аднадумцамі з Магілёва, абмяняліся думкамі і меркаваннямі, выпрацавалі далейшы сумесны план работы, цікава і з карысцю правялі час у падарожжы па Кіраўшчыне, з задавальненнем паглядзелі падрыхтаваны гасцямі канцэрт, выступленне ветэранскага хору з Магілёва “Родныя напевы”.
Таццяна МАІСЕЕНКА.