У мінулы панядзелак, увечары, на сельскагаспадарчыя палеткі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага завітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, каб павітаць першых на Кіраўшчыне камбайнераў і вадзіцеляў, якія падчас сёлетняга жніва перакрочылі тысячны рубеж па намалотах.
На гэты дзень сярод тысячнікаў у “Рассвеце” былі тры збожжаўборачныя экіпажы і чатыры вадзіцелі. Хлебаробам Івану Салановічу і Максіму Юркаўцу кіраўнік раёна ўручыў каштоўныя падарункі ад райвыканкама і майкі з надпісам “Лідар жніва”, такі ж прыемны, а галоўнае, заслужаны сюрпрыз атрымаў і вадзіцель гаспадаркі Валерый Шчэрбіч.
Яны былі ўдастоены такога гонару за тое, што першымі ў раёне намалацілі і перавезлі па 1000 тон менавіта збожжа без уліку масланасення рапсу. Гэтыя працаўнікі разам з камбайнерамі Іванам і Аляксандрам Кавалеўскімі, Аляксандрам Бяляўскім і Іванам Багелем, вадзіцелямі Генадзем Гукавым, Аляксандрам Бабічам і Дзянісам Сакабіцкім атрымалі ў гэты дзень віншаванні і грашовыя прэміі, якія ім уручылі старшыня “Рассвета” Аляксандр Багель і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер адзначыў працоўнае дасягненне хлебаробаў Падзячнымі лістамі райкама, падарункамі і вымпеламі, а на камбайны і аўтамабілі лідараў наклеіў сімвалічныя знакі.
На працягу бягучага тыдня па чарзе ўшаноўваліся лідары жніва і з іншых гаспадарак раёна. А ўчора “рассветавец” Іван Кавалеўскі ў шэрагу іншых удзельнікаў жніва-2012 за дасягненне найвышэйшай вытворчасці працы ў ходзе ўборкі ўраджаю атрымаў Падзячны ліст і грашовую прэмію ад абкама прафсаюза работнікаў АПК.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ