С 21 по 26 апреля 2025 года в Кировском районе проводится мероприятие «Неделя нулевого травматизма» | С 24 марта 2025 года по 25 апреля 2025 года в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда при проведении весенних полевых работ в сельскохозяйственных организациях области |

Першай справай — жніво! А мора пачакае ...

Вы здесь

На двары — спёка. Сонейка шчодра адорвае нас цеплынёй і спрыяльнымі для жніва дзянькамі. Думаю, не памылюся, калі адзначу, што многія кіраўчане, знемагаючы ад спёкі, што-дзень чакаючы вечара, каб прыйсці з работы дадому, прыняць халодны душ і адпачыць, нават і не заўважылі, як хлебаробы раёна хуткімі тэмпамі перакрочылі экватар жніва-2012 і ўжо рыхтуюцца да фінішу.

 Учора з ранку рэдакцыйны аўтамабіль накіраваўся ў СВК “Добасна-агра”, дзе хлеб быў убраны ўжо на 73% пасяўных плошчаў. Ля канторы нас сустрэў малады аграном сельгаскааператыву Андрэй Голубеў. На сваёй пасадзе Андрэй Аляксандравіч — з красавіка бягучага года, але ў сельскагаспадарчай справе — не навічок: пасля заканчэння Жыліцкага сельгаскаледжа працаваў у адной з гаспадарак Бялыніцкага раёна, а потым вырашыў вярнуцца на радзіму, у Добасну. Зараз працу сумяшчае з вучобай у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі.
 Так, за размовай, не заўважылі, як аграномаў-ская “Ніва”, мінуючы ўжо вызваленыя ад хлебных калоссяў палеткі, пакрытыя сцярнёй, якая нібы ззяючае на сонцы золата, прывезла нас на палеткі сельскагаспадарчага ўчастка ў в.Даброціна. Вось тут праца бруіла!
 Магутныя камбайны, нібы карабельчыкі, лёгка і хутка плылі па полі, падмінаючы пад сябе налітае хлебнае калоссе. Грузавыя аўтамабілі з даверху нагружанымі свежанамалочаным збожжам кузавамі наперагонкі імчаліся па вясковай дарозе. На хвілінку прыпыняючы гэты зладжаны рытм уборачнай, галоўны аграном спыніў ля нас магутны “Лексіон”, якім кіраваў Міхаіл Галомзік. Дарэчы, з гэтым хлебаробам нам ужо даводзілася сустракацца і, прычым, не адзін раз, бо ён ужо шмат сезонаў запар — адзін з лепшых працаўнікоў сельгаскааператыву. На сёлетнім жніве шчыруе ў пары з памочнікам Сяргеем Клімовічам.
 Яшчэ адзін лідзіруючы на ўборачнай экіпаж — Фёдара Петрусёва і Джанелі Джыкія працуе на камбайне айчыннай вытворчасці — КЗС-1218. Цікава, што ў працоўнай біяграфіі Фёдара Рыгоравіча сёлетняе жніво — 31-е па ліку, а вось Джанелі спрабуе хлебаробскую справу першы сезон.
 Па словах галоўнага агранома, кіраўніцтву сельгаскааператыва вельмі прыемна, што сярод працаўнікоў ёсць вадзіцель-тысячнік, ды пры тым яшчэ і — малады. Больш за тысячу тон свежанамалочанага збожжа перавёз сёлета 24-гадовы Сяргей Скрыпуноў. Адметна, што Сяргей — бабруйчанін, 3 гады таму знайшоў у Добасне сваю другую палову, а заадно і справу па душу — хлебаробскую.
 — Ніколькі не шкадую, што пакінуў у мінулым гарадское жыццё і стаў вяскоўцам, — адзначае малады чалавек. —Тут у мяне ўсё ёсць: і сям’я, і добраўпарадкаваны камфартабельны домік, які выдзелілі ў гаспадарцы, і любімая праца. Чаго ж яшчэ можна жадаць!
 — На сённяшні дзень мы ўбралі збожжа на 835-ці гектарах, — расказваў па дарозе назад да канторы Андрэй Голубеў. — А ўсяго збожжавымі без рапсу занята 1152 гектары. Ураджайнасць вышэйшая чым летась — намалочваем па 45 ц на круг. Занята 8 камбайнаў на жніве і 5 аўтамабіляў на адвозцы. Адзначу, што ўсе нашы механізатары і вадзіцелі сумленна ставяцца да працы, таму лепшых вызначаць не буду, у нас усе — лепшыя! Пашанцавала з надвор’ем, вільготнасць зерня складае каля 12 — 13%, таму дапрацоўваем яго без сушкі. Дзяржзаказ практычна выканалі, засталося здаць па 80 тон піваварнага ячменю і аўса.
 — Не шкада, што многія маладыя людзі вашага ўзросту ўлетку бяруць водпуск і едуць на адпачынак да мора да паўднёвага сонейка, а вам трэба зранку давечара без выхадных шчыраваць на полі — пытаюся ў маладога, прыемнага на выгляд і ў размове агранома.
 — А чым тут не поўдзень! — з усмешкай адказвае Андрэй Аляксандравіч. — Тое ж шчодрае сонца, і пакупацца ёсць дзе ў вольны час. Да таго ж і хлеб вырошчваць і ўбіраць камусьці трэба, не шкадую, што выбраў для сябе гэтую справу, тым больш гаспадарка выдзеліла мне, як маладому сем’яніну домік, ёсць магчымасць грошы неблагія зарабляць, а адпачыць яшчэ будзе час, першай справай — жніво!
 
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

 Фота Максіма МІКЕШЫНА