С 21 по 26 апреля 2025 года в Кировском районе проводится мероприятие «Неделя нулевого травматизма» | С 24 марта 2025 года по 25 апреля 2025 года в Могилевской области проводится Месячник безопасного труда при проведении весенних полевых работ в сельскохозяйственных организациях области |

Па працоўным навучанні кіраўчанкам не было роўных

Вы здесь

Вучаніцы СШ №1 райцэнтра Марына Заркевіч і Юлія Багданава (на здымку) заваявалі Дыпломы I і II ступеняў адпаведна ў рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні.

Безумоўна, шанцуе людзям, якія маюць жаданне і магчымасць адлюстроўваць унутраны свет і свае здольнасці ў творчасці, майстэрстве захапляцца цікавай справай, ствараць сваімі рукамі арыгінальныя рэчы. Менавіта так пашанцавала Марыне і Юліі, якія ў сваім захапленні рукадзеллем не спыняюцца на дасягнутым, а пакараюць усё новыя і новыя вышыні.
 
Сёлета гісторыя правядзення рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні перагарнула дзевятую старонку пры тым, што, напрыклад, алімпіяда па матэматыцы праводзілася 63-ці раз, па фізіцы — 52-гі, беларускай мове і літаратуры — 29-ты. З кожным годам “працоўная” алімпіяда набірае абароты. Гэта можа сведчыць аб тым, што сучасная дзяўчына хоча не толькі вызначацца ведамі, але і на справе паказваць свае здольнасці. Тым больш, што, усё ж такі, асноўнае прызначэнне жанчыны — здольнасць быць добрай жонкай і маці, сапраўднай гаспадыняй і захавальніцай сямейнага ачага.
Марына Заркевіч змагалася за лідарства ў рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні ў другі раз, леташні яе ўдзел быў адзначаны Дыпломам II ступені, Юлія Багданава спрабавала свае сілы ўпершыню. Сёлетняе “працоўнае” спаборніцтва праходзіла ў г.Ліда Гродзенскай вобласці, удзел прымалі каля 120 рабят з розных куткоў Беларусі.
 Урачыстае адкрыццё адбылося ў Лідскім раённым Палацы культуры, а затым стартавалі этапы алімпіяды, якія праходзілі на базе Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва. Алімпіядныя іспыты прадугледжвалі тры туры: практычны, тэарытычны і абарона творчых праектаў.
Дзесяцікласніца Марына Заркевіч змагалася за першынство ў старэйшай групе ўдзельніц, а вучаніца 9 “В” класа Юлія Багданава — у малодшай.
Дома дзяўчаты рыхтавалі творчыя праекты на тэму “Беларусь — мая Радзіма”, якія павінны былі абараніць і прарэкламаваць. Марына прадставіла на суд журы пашыты сваімі рукамі сарафан “Колеры лета”, а Юлія — сукенку “Блакітнае зачараванне”. Рыхтаваць вырабы, рабіць тэхналагічныя карты, складаць тлумачальныя запіскі дзяўчатам дапамагала іх настаўніца А.У.Пархамовіч.
Падчас практычнага этапу дзяўчаты за 4 гадзіны павінны былі распрацаваць тэхналагічную карту і зрабіць выраб.
Тэарытычны этап прадугледжваў праверку ведаў пры выкананні тэстаў па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. З 30 магчымых балаў Марына набрала 27, Юля — 25.
У выніку Марына Заркевіч стала першай з 36-ці саперніц, Юлія — другой — з 28-мі, яе крыху абышла магіляўчанка.
Алімпіяда праходзіла ў дні веснавых канікул. Каб рабятам было весела і цікава, на працягу пяці дзён наладжваліся аглядныя экскурсіі па Лідзе з наведваннем Лідскага замка, кінатэатра “Юбілейны”. У кіраўчанак асаблівыя ўражанні пакінулі экскурсіі на шклозавод “Нёман” і фабрыку марожанага, дзе была наладжана прэзентацыя і дэгустацыя гэтага ласунку.

Марына Заркевіч пакуль не вырашала, ці будзе ўдзельнічаць у алімпіядзе будучага года, аднак дзяўчына амаль упэўнена, што яе будучая прафесія хутчэй за ўсё будзе звязана з тэхналогіяй і канструяваннем адзення. А вось Юля плануе рыхтавацца да ўдзелу ў наступнай алімпіядзе і, магчыма, узбагаціць калекцыю сваіх узнагарод Дыпломам I ступені рэспубліканскай алімпіяды.