Як вядома, раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015” сёлета пройдзе ў аг.Паўлавічы. Каб дастойна сустрэць яго ўдзельнікаў, гасцей, загадзя распачалі падрыхтоўчыя работы: былі вызначаны іх аб’ёмы, за прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі раёна замацаваны пэўныя аб’екты. Рамантуюцца сацыяльна-культурныя і вытворчыя аб’екты, жыллё, дарогі.
Аб тым, як абстаяць справы з навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем на цэнтральнай сядзібе СВК “Чырвоны баец”, мы папрасілі расказаць старшыню Паўлавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Жанну КАМІНСКУЮ:
— Прадстаячае мерапрыемства надае нам гонару, і мы, як сапраўдныя гаспадары, павінны прыкласці ўсе намаганні, каб свята прайшло на высокім узроўні, а кожны прысутны застаўся задаволеным. Для гэтага наводзіцца паўсюдная чысціня і парадак, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі, рамантуюцца будынкі. Адным сяльчанам гэта не па сіле, ім на падмогу прыйшлі гараджане. Для кожнага суб’екта гаспадарання ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны.
Нашы Паўлавічы нагадваюць адну вялікую будаўнічую пляцоўку: выкарчоўваюцца старыя дрэвы, высякаецца кустоўе, узворваюцца пустуючыя зямельныя ўчасткі.
Значны аб’ём работы выконвае калектыў СВК “Чырвоны баец”. Працаўнікі працягваюць весці рэкультывацыю безгаспадарных надзелаў, якія ў далейшым будуць перададзены ў севазварот гаспадаркі, рамантуюць і фарбуюць агароджы, прыводзяць у належны выгляд адміністрацыйныя будынкі і прылягаючыя тэрыторыі.
Арганізавана працавалі і на замацаваных аб’ектах работнікі цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ААТ “ПМК-97 Вадгас”, мясцовых сярэдняй школы і ясляў-садка.
Хацелася б, каб і гаспадары прыватных домаўладанняў прынялі больш актыўны ўдзел у агульнай справе, зрабілі свае па-двор’і і прыдамавыя тэрыторыі больш прыгожымі і прывабнымі.
Нягледзячы на актыўны ўдзел вяскоўцаў і гараджан, дзякуючы якім з кожным днём шырыцца аб’ём выкананых работ, нямала яшчэ належыць зрабіць. І тэрміны падганяюць, не даюць расслабляцца. Спа-дзяемся, што агульнымі намаганнямі зробім наш аграгарадок і іншыя населеныя пункты сельсавета больш прыгожымі і камфортнымі для пражывання.
Нядаўна на ўчастку поля СВК “Чырвоны баец”, мяжуючым з суседнім СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, уздоўж шашы з’явіліся змайстраваныя мясцовымі ўмельцамі цікавыя фігуры з саломы, плануецца зрабіць яшчэ некалькі.