Узнёсла, урачыста прайшоў у раённым Доме культуры сход, прысвечаны падвядзенню вынікаў работы галін народнай гаспадаркі Кіраўшчыны за 2011 год. Мець асабліва прыўзняты настрой і пачуццё гонару ў кіраўчан былі ўсе падставы: мінулы год прынёс працаўнікам нашага рэгіёна цэлае сузор’е дастойных дасягненняў на розных узроўнях і самае галоўнае — першае месца ў спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці за 2011 год у групе з колькасцю жыхароў да 25 тысяч чалавек.
Раздзяліць з жыхарамі Кіраўшчыны радасць ад дасягнутых перамог на ўрачыстасці прыбылі ганаровыя госці: куратар раёна, дырэктар РУП “Беларуснафта-Магілёў-аблнафтапрадукт” Аляксандр Саханенка, начальнік упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Сцяпанчанка, галоўны спецыяліст абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Нялюбін, дырэктар ААТ “Бабруйскі мясакамбінат” Андрэй Ісайчанка, галоўны інжынер ААТ “Бабруйскаграмаш” Алег Лук’яненка, а таксама старшыня Бабруйскага гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў і дэлегацыі г.Бабруйска, Бабруйскага, Клічаў-скага, Асіповіцкага, Быхаўскага раёнаў.
У адрас кіраўніцтва і працаўнікоў раёна паступілі і былі зачытаны на сходзе віншавальныя тэлеграмы ад Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзеі Ермаковай і ад кіраўніка Адміністрацыі Белгарод-скага раёна Расійскай Федэрацыі Андрэя Саўчанкі.
Кульмінацыйным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджвання. Ганаровую місію ўручэння пераходнага Чырвонага сцяга і дыплома I ступені Магілёўскага аблвыканкама старшыні райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву за перамогу раёна ў абласным спаборніцтве выканаў Аляксандр Саханенка.
Ён шчыра павіншаваў прысутных у зале, а ў іх асобе — усіх працаўнікоў Кіраўшчыны з заслужанай узнагародай і выказаў спадзяванні, што бягучы год стане яшчэ больш паспяховым для рэгіёна, бо тут заўжды мэтанакіравана ідуць да пастаўленай мэты і разумеюць: за вытворчымі паказчыкамі стаяць узровень жыцця людзей, упэўненасць у будучым.